1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у Ніжнім парку Вілейкі панавала асаблівая атмасфера — сёлета тут прайшло Свята дзяцінства і сям’і, упершыню змяніўшы лакацыю з мікрараёна Паўночны.
Святочная праграма пачалася з конкурсу “Ты – маё адлюстраванне”, у якім прынялі ўдзел больш за дваццаць сем’яў. Кожная каманда падрыхтавала свой сямейны дэвіз і арыгінальную выяву ў стылі «Фэмілі лук». Журы адзначыла яркія выступленні вілейчан.
Працягам свята стала шоу-конкурс “Бабуліны унукі”, у якім спаборнічалі шэсць сем’яў. Першы этап – прывітанне – даў кожнай камандзе магчымасць прадставіць сябе і расказаць аб сваіх традыцыях і сямейных каштоўнасцях. У другім творчым конкурсе ўдзельнікі праявілі свае таленты: спявалі прыпеўкі, танцавалі і частавалі гледачоў прысмакамі ўласнага прыгатавання.
Узнагароджанне прайшло ў цёплай і святочнай атмасферы. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі каштоўныя прызы – сертыфікаты і мікрахвалевыя печы, а пераможцы павезлі дадому новы тэлевізар.
Для юных гасцей свята было арганізавана яркае дзіцячае шоу “Дзіна Паці”. З удзелам гіганцкай гарылы Яшы і дыназаўра Дзіна дзеці рабілі зарадку, танцавалі папулярныя танцы і фатаграфаваліся з любімымі героямі.
Акрамя таго, на тэрыторыі свята працавалі гульнявыя пляцоўкі, падрыхтаваныя ўстановамі горада Вілейка. Тут дзеці маглі паўдзельнічаць у майстар-класах, спартыўных гульнях і творчых занятках. Традыцыйна можна было падсілкавацца ў фуд-зоне, паўдзельнічаць у платных конкурсах, пакатацца з паветраных горак, зрабіць яркі аквагрым і набыць сувеніры ў рамеснікаў.
Святочны вечар завяршыўся палымяным выступам кавер-бэнда Turbo Band, які выканаў лепшыя хіты 90-х.
Фота перададзены рэдакцыяй «Шлях перамогі».