2-га і 3-га ліпеня ў Вілейцы было весела і святочна! Вілейчане святкавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень горада!
Шмат добрых песень, яркіх танцаў і спартыўных нумароў падрыхтавалі гэтымі днямі салісты і творчыя калектывы ўстаноў культуры і адукацыі. Канцэртныя праграмы адбыліся ў Ніжнім парку Вілейкі.
2-га ліпеня прайшла танцавальна-забаўляльная праграма “Танцуючы горад залатога ўзросту”. Добрай традыцыяй стала тое, што вілейчане розных узростаў наведваюць танцавальныя вечары! Цёплая, святочная атмасфера панавала і на гэты раз у Ніжнім парку. Людзі танчылі пад любімыя хіты, удзельнічалі ў вясёлых танцавальных конкурсах. Пасля чаго ўсіх чакаў кінасеанс пад адкрытым небам. Госці свята прагледзелі фільм “Атрад Светлячкоў” – ваенна-гістарычную драму, якая нагадала аб подзвігу простых людзей, у тым ліку падлеткаў, ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны.
3-га ліпеня, у галоўнае свята нашай Радзімы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у гэтай жа лакацыі прайшлі дзве святочныя канцэртныя праграмы. “Ты ў маім сэрцы, Беларусь” – пад такой назвай прайшоў ранішні канцэрт. Вілейчан і гасцей нашага горада павіншаваў са святам старшыня Вілейскага раённага выканаўчага камітэта А.М. Завацкі. Творчыя калектывы падрыхтавалі для гледачоў свае лепшыя нумары, а інтэрактыўныя пляцоўкі чакалі гасцей са мноствам захапляльных забаў: гульні, конкурсы, творчыя заняткі і майстар-класы – кожны знайшоў тое, што яму па душы. Святочная канцэртная праграма пад назвай “Час выбраў нас” працягнулася ўвечары. Сапраўдным падарункам для вілейчан стала выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь вакальнай групы “Чысты голас”. І па традыцыі, прыгожай фінальнай кропкай урачыстасці стаў святочны феерверк! Фота перададзены рэдакцыяй «Шлях перамогі».