3 ліпеня Вілейка маштабна адзначыла адразу тры ключавыя даты: Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 82-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзе з дня ўтварэння Вілейскага раёна.
Святочную праграму адкрыла ўшаноўванне найлепшых працаўнікоў краю, якім старшыня райвыканкама А.М. Завацкі ўручыў заслужаныя ўзнагароды за важкі ўклад у развіццё рэгіёну. Урачыстае мерапрыемства ўпрыгожыў парад парасонаў і прадоўжылася мерапрыемства яркай канцэртнай праграмай “Край Вілейскі родны, ты навекі са мной”. У выкананні салістаў і творчых калектываў прагучалі праніклівыя нумары, якія апяваюць слаўную гісторыю нашай малой радзімы. Вячэрні блок урачыстасцей прадоўжыўся канцэртнай праграмай “У песнях славім Беларусь!”. На галоўнай сцэне горада салісты і творчыя калектывы Вілейшчыны падарылі гледачам свае найлепшыя вакальныя і харэаграфічныя нумары, напоўніўшы плошчу атмасферай шчырай радасці і гонару. Кульмінацыяй свята ў 22:55 стала ўсебеларуская акцыя “Праспяваем гімн разам!”. Магутнае шматгалоссе сотняў вілейчан, артыстаў і гасцей горада пад адкрытым небам прадэманстравала сапраўдную згуртаванасць і патрыятызм. Роўна ў 23:00 неба над Вілейкай расфарбавалася залпамі грандыёзнага феерверка, які стаў незабыўнай кропкай свята!
Фота і відэа прадстаўлены рэдакцыяй «Шлях перамогі» і г.д. «Вілейка/Навіны»






